Міжнародны дзень роднай мовы

Кажуць, мова мая аджывае
Век свой ціхі: ёй знікнуць пара.
Для мяне ж яна вечна жывая,
Як раса, як сляза, як зара.

                                      П. Панчанка

 

21 лютага ў свеце адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Ён быў абвешчаны UNESCO 17 лістапада 1999 года.

Першапачаткова з такой ініцыятывай выступіў Бангладэш. Менавіта ў гэтай краіне 21 лютага 1957 года загінулі пяць студэнтаў, якія адстойвалі права навучацца на роднай мове. Зараз у свеце налічваецца больш за шэсць тысяч моваў. Палова з іх пад пагрозай знікнення. Дзеля захавання моў, якія апынуліся на парозе знікнення, міжнародны фонд UNESCO абвясціў дзень роднай мовы — каб хоць у такі дзень на іх загаварылі, пра іх успомнілі.

Cёння у свеце шмат цудоўных мов. Адны з іх вабяць сваёй прыгажосцю і непаўторнасцю, другія – мілагучнасцю. Але ў кожнага чалавека ёсць толькі адна, якая завецца роднай. Менавіта на гэтай мове ён размаўляе з роднымі, сябрамі, знаёмымі. І вельмі дрэнна, калі чалавек пачынае забывацца на сваю мову, не шануе яе.

Дзень роднай мовы асаблівы для кожнай нацыі, кожнага народа, бо няма народа без мовы, няма мовы без яго носьбіта.

Размаўляйце з намі па-беларуску, на роднай мове, з прыветнай усмешкай, з пяшчотай на вуснах. І не саромейцеся недасканалай гаворкі. Пад такім дэвізам 21 лютага бібліятэка каледжа правяла цікавае пазнавальнае мерапрыемства для навучэнцаў і выклыдчыкаў: дакрануліся да вытокаў беларускай мовы, успомнілі цікавыя выразы і рэдкія словы; адказалі на пытанні віктарыны пра ўстойлівыя выразы, прыказкі і прымаўкі; пазнаёміліся з матэрыяламі выстаўкі “21 лютага – Міжнародны дзень роднай мовы”. А самае галоўнае размаўлялі увесь дзень толькі на беларускай мове.

Вялікі дзякуй усім, хто далучыўся!

Бібліятэкары Паўлава Н.А. і Мацукевіч Т.П.

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Author Info

BGMK