Выбарчы ўчастак для галасавання №95 сярод іншых адметны тым, што тут вялікая колькасць выбаршчыкаў, якія галасуюць упершыню. 250 маладых людзей – гэта навучэнцы Брэсцкага дзяржаўнага медыцынскага каледжа, якія упершыню прымаюць удзел у такой важнай палітычнай падзеі краіны.
Будучыя медыкі, навучэнцы Андрэй Джыга, Анішчук Аляксандра, Аглашэвіч Марыя, на першыя ў сваім жыцці выбары прыйшлі разам. Члены камісіі патлумачылі, як правільна запаўняць бюлетэні, і ўручылі ў якасці падарунка Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь.
– Для мяне сённяшні дзень хвалюючы, – падзяліўся сваімі эмоцыямі першакурснік Андрэй Джыга. – Упершыню ў жыцці ў якасці выбаршчыка магу зрабіць свой выбар на карысць далейшага росквіту маёй краіны.
– А я сёння ў поўнай меры адчуваю сябе паўнапраўным грамадзянінам сваёй краіны і прыйшла на выбарчы ўчастак зрабіць выбар на карысць далейшага развіцця краіны, – распавядала Аглашэвіч Марыя, якая вучыцца на медыцынскую сястру.
– Для мяне гэты вопыт першы ў маім жыцці, і я ўпэўнена, што мой сённяшні выбар паўплывае на гісторыю далейшага станаўлення нашай дзяржавы, – падзялілася Анішчук Аляксандра.
Навучэнцы каледжа, якія пражываюць у інтэрнаце галасуюць па месцы рэгістрацыі, распавядае старшыня ўчастковай камісіі Нярода Анастасія. – У выхадныя дні многія навучэнцы з’язджаюць дадому, таму свае галасы аддаюць датэрмінова.
Па словах Анастасіі Алегаўны, прыемна бачыць, што брастаўчане актыўна ідуць на ўчастак.
– Гэта значыць, што яны не абыякавыя да падзеі, якая адбываецца ў краіне, – падзялілася сваімi думкамi Анастасія Нярода.
Намеснік дырэктара
В. І. Пропер