Да Дня роднай мовы. Лінгвічстычны конкурс «Гаворым па-беларуску!»

Дзень роднай мовы – свята, якое з 2000 года ў Беларусі адзначаецца штогод 21 лютага з мэтай заахвочвання моўнай разнастайнасці і шматмоўнай адукацыі, спрыяння ўсведамленню моўных і культурных традыцый, якія грунтуюцца на ўзаемаразуменні, цярпімасці і дыялогу. Менавіта таму напярэдадні Дня роднай мовы выкладчыкам Клімаховіч Ірынай Фёдараўнай у вучэбнай групе СД-111 быў праведзены нетрадыцыйны вучэбны занятак па беларускай мове ў форме лінгвістычнага конкурсу «Гаворым па-беларуску!», які быў звязаны з тэмаю праграмы навучання «Марфалагічныя нормы ўжывання назоўнікаў». На адкрыты вучэбны занятак былі запрошаны выкладчыкі, а ў якасці экспертаў выступілі намеснік дырэтара па выхаваўчай працы Пропер Валерый Іванавіч і кіраўнік па ваенна-патрыятычнай рабоце Гарашчанка Міхаіл Іванавіч.

Навучэнцы вучэбнай групы СД-111 былі зацікаўлены формай правядзення, таму адразу ўключыліся ў працу. Удзельнікі лінгвістычнага конкурсу былі падзелены на чатыры каманды, якія абралі сабе гаваркія назвы, што так добра стасаваліся да Дня роднай мовы: «Бусляняты», «Кветачкі», «Сонейкі» і «Васількі». Канкурсанты атрымлівалі заданні на веданне асаблівасцей ўжывання назоўнікаў у беларускай мове, праявілі творчыя здольнасці, звязаныя з падборам вобразных прыкладаў выкарыстання ўстойлівых выразаў у маўленні, далучыліся да прагожага пісьменства мастакоў слова, вершы якіх пра родную мовы гучалі на занятку прыгожым рэфрэнам. Акрамя групавой працы, навучэнцам прапанаваліся індывідуальныя заданні на веданне фразеалагічных зваротаў, афарызмаў, беларускіх назваў элементаў адзення, за выдатныя адказы на якія яны атрымлівалі карткі з невыпадковай сімволікай – выявай бусла на фоне Беларусі. Усе плённа папрацавалі, лепшай ў індывідуальным спаборніцтве была Шукала Ангеліна, а пераможцам конкурсу стала каманда «Кветачкі» ў наступным складзе: Валошка Юлія, Касенка Анастасія, Масюк Аліна, Астапук Анастасія, Рамнюк Кацярына, Салівончык Ксенія, Шайко Ульяна, веды якіх былі ацэнены выдатнымі адзнакамі.

Як слушна заўважыў напрыкацы Пропер Валерый Іванавіч, занятак праляцеў хутка, у цёплай атмасферы, стварыў сапраўдны настрой свята роднай мовы, дапамог далучыцца да залацінак і дыямантамаў роднага Слова, пашырыць веды па пытаннях ужывання назоўнікаў беларускай мовы.

У Дзень роднай мовы ў холе 1 паверха былі размешчаны лістоўкі і буклеты, прысвечаныя святу, а таксама карткі пад агульнай назвай «Прыгожосць беларускай мовы» з выявамі і перакладамі слоў, вельмі важных для тых, хто паважае родную мову. Такія мерапрыемствы ў гэты дзень – пацвярджэнне таго, што мы ўшаноўваем родную мову. Такое свята дае ўнікальную магчымасць успомніць жывое роднае слова.

Выкладчык І.Ф.Клімаховіч

 

 

 

 

 

 

 

 

Author Info

BGMK